ТБМ заклікаў да пашырэння выкарыстання беларускай мовы падчас выбараў

Заяву аб пашырэнні выкарыстання беларускай мовы падчас выбараў прыняў сакратарыят "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". У заяве "Удзел у выбарах можа дапамагчы ў распаўсюдзе беларускай мовы" адзначаецца, што 20 гадоў таму быў прыняты закон “Аб мовах”, адбыліся першыя дэмакратычныя выбары у Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя саветы. "У красавіку адбудуцца выбары ў мясцовыя саветы Беларусі. Унесеныя ў выбарчае заканадаўства папраўкі дазваляюць значна лягчэй, чым у мінулыя гады, вылучацца і рэгістравацца кандыдатамі ў дэпутаты", — адзначаецца ў заяве. У сувязі з гэтым кіраўніцтва ТБМ заклікае прыхільнікаў роднага беларускага слова ўзяць самы актыўны ўдзел у выбарах.

Аўтары заявы заклікаюць вырабляць праграмы па-беларуску, змяшчаць у іх патрабаванні стварэння беларускамоўных школ і класаў, аб вяртанні гістарычных назваў вуліцам і плошчам, ушанаванні памяці гістарычных герояў.

ТБМ лічыць, што найлепш вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты шляхам збору подпісаў, бо тады значна раней можна пачаць кантактаваць з выбаршчыкамі па-беларуску, паведамляе БелаПАН.