Тэрмін зняволення Ўладзіміра Асіпенкі скарочаны на год

Тэрмін зняволення ваўкавыскага прадпрымальніка Уладзіміра Асіпенкі ў сувязі з амністыяй скарочаны на год. Спадзяванні яго сваякоў і праваабаронцаў, што Асіпенка выйдзе на волю, не спраўдзіліся. Прычына — ён быў асуджаны па артыкуле, які прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да сямі гадоў, гэта значыць ён цяжкі.
У адпаведнасці з заканадаўствам цяпер Уладзімір Асіпенка мае права разлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, 56-гадовы ваўкавыскі прадпрымальнік Уладзімір Асіпенка быў прыгавораны 6 траўня сёлета Вярхоўным судом да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у захоўванні і перавозцы зброі і выбуховых рэчываў. Праваабаронцы лічаць асуджаных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў палітвязнямі. Цяпер Асіпенка адбывае пакаранне ў івацэвіцкай калоніі.