The Times: Расійскія разведчыкі прыгразілі амерыканцам ядзернай зброяй

Сакрэтная сустрэча былых высокіх прадстаўнікоў амерыканскай і расійскай разведак прайшла ў сакавіку ў нямецкім горадзе Таргаў. На ёй расійскі бок выказаў шэраг непрыкрытых пагроз у адрас Захада. Пра гэта у свежым выпуску брытанскай газеты The Times пішуць аналітыкі Бэн Хойл і Майкл Эванс.

Пра сур’ёзнасць перамоў сведчыць тое, што расійская дэлегацыя перад сустрэчай была праінструктаваная кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым. І прынамсі адзін расійскі афіцэр у дэлегацыі быў непасрэдна датычны да анексіі Крыма, а яшчэ некалькі чалавек удзельнічалі ў распрацоўцы ядзернай стратэгіі Расіі, піша выданне.

Цягам сустрэчы расійскі бок рабіў акцэнты на тым, што любыя спробы вярнуць Крым Украіне будуць расцэненыя, як акт ваеннай агрэсіі, на што Расія будзе гатовая ўжываць супраць ЗША ядзернае ўзбраенне. Любая спроба NATO забяспечыць ваенную дапамогу Украіне справакуе “сілавы адказ” з боку Расіі.

Расійская дэлегацыя таксама дала зразумець, што Крэмль не пацерпіць размяшчэнне сілаў NATO ля сваіх межаў у краінах Балтыі, адзначае The Times.

Аналітыкі газеты дадаюць, што цяпер заходнія спецслужбы чакаюць ад Расіі дэстабілізацыі сітуацыі ў Літве, Латвіі і Эстоніі. Такія акцыі нібыта прадэманструюць раскол у NATO і паставяць пад сумнеў аўтарытэт альянсу.

“Гэта могуць быць і грамадзянскія беспарадкі з удзелам мясцовых этнічных рускіх, і кібер-атакі, дачыненне Масквы да якіх немагчыма будзе адсачыць”, — піша The Times.

Выданне адзначае, што Масква рэдка так адкрыта выказвала свае намеры і непрыхаваныя пагрозы. Цяпер становіцца зразумела, што ў гэтай сітуацыі Захад мусіць павялічыць выдаткі на абарону, каб прадэманстраваць Крамлю сур’ёзнае стаўленне да палітыкі стрымлівання. Краінам NATO трэба разумець, дзе Пуцін нанясе наступны ўдар, і планаваць свае дзеянні адпаведна.

“Пры гэтым Захад мусіць ажыццяўляць ціск на расійскага лідара асэнсавана, зважаючы на тое, што яго можа змяніць нехта яшчэ больш грозны”, — папярэджваюць аналітыкі The Times.

Пазней прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што “сур'ёзна да такіх публікацый ставіцца нельга”, гэта “класічны прыклад дэманізацыі нашай краіны”, паведамляе Інтэрфакс

Фота: lubyanka.org, 21region.org