“Томь” вырашыла не набываць нападаючага БАТЭ Віталя Радзівонава

Расійскі футбольны клуб “Томь” адмовіўся ад кандыдатуры нападаючага БАТЭ і зборнай Беларусі Віталя Радзівонава. Нагадаем, на пачатку жніўня расіяне зацікавіліся нашым гульцом і нават накіравалі афіцыйны запыт з просьбай назваць умовы, на якіх барысаўскі клуб гатовы аддаць Радзівонава ў арэнду. Як распавялі Еўрарадыё ў прэс-службе “Томі”, вакантнае месца нападаючага ўжо заняў расіянін Арцём Дзюба:

“Паколькі Дзюба ўжо заяўлены за “Томь”, то пытанне з Радзівонавым адпала. Нам быў патрэбны адзін нападаючы, адзін паўабаронца і адзін абаронца. Нападаючага мы ўжо ўзялі. Радзівонаў, напэўна, таксама добры варыянт, але выбар быў зроблены на карысць Дзюбы”.

Нагадаем, на правах арэнды Радзівонаў паспеў пагуляць у нямецкім “Фрайбургу”, дзе правёў 12 матчаў, забіўшы 4 мячы. Пасля заканчэння арэнды нападаючы вярнуўся ў БАТЭ, з якім у яго кантракт да наступнага лета.