Трагедыя пад Мінскам: Падчас навальніцы паветраны шар упаў на вёску

Двое чалавек загінулі і двое былі параненыя ў выніку падзення паветранага шара ў Мінскім раёне. Здарэнне адбылося ўвечары 16 траўня ў вёсцы Семкава. Падчас навальніцы шар сутыкнуўся ў вясковымі хатамі, у выніку чаго некалькі чалавек выпалі з карзіны, а пасля ўдару аб зямлю выбухнулі балоны з газам. Як паведаміў Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы МНС Беларусі Віталь Навіцкі, у пятніцу ў 19.50 выратавальнікам паступіла паведамленне пра пажар у вёсцы Семкава Мінскага раёна. Калі яны прыехалі на месца, то ўбачылі, што прычынай узгарання стаў паветраны шар.

Віталь Навіцкі: "У выніку сутыкнення паветранага шара з жылымі пабудовымі былі пашкоджаны два жылых дома... Два чалавекі выпалі з карзіны. Пасля падзення паветранага шара на зямлю выбухнулі тры газавых балоны ёмістасцю 35 літраў кожны з газам і загарэлася карзіна".

Узгаранне было хутка ліквідаванае супрацоўнікамі МНС. Было ўстаноўлена, што загінулі мінскі прадпрымальнік 1964 года нараджэння і яго жонка 1976 года нараджэння. Пацярпелі іх 8-гадовая дачка і інструктар (ён жа уладальнік аэрастата), якія шпіталізаваныя.

Як паведамляе "Інтэрфакс", дзяўчынка з рознымі траўмамі змешчана ў аддзяленне дзіцячай нейрахірургіі бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

Цяпер раённая пракуратура і камісія Дэпартамента па авіяцыі праводзяць расследаванне.
Эксперты ўстанавілі, што паветраны шар належаў прыватнаму прадпрымальніку. "Аэрастатам АХ-10" валодаў галоўны інжынер аднаго з мінскіх таварыстваў з дадатковай адказнасцю. Паветраны шар быў легальным, яго ўладальнік меў ліцэнзію.

Паводле словаў Віталя Навіцкага, у выніку сутыкнення з паветраным шарам у адным з вясковых дамоў пашкоджана 8 квадратных метраў даху, у іншага - пацярпелі дах і сцяна.


Фота - zinfo.ru