"Транснафтапрадукт": Рамонт трубаправоду ў Беларусі ішоў згодна з планам

Расійская кампанія "Транснафтапрадукт" выпраўляла дэфекты на ўчастку нафтаправоду Ўнеча-Вентспілс згодна з планам. Пра гэта РІА "Новости" заявіў першы віцэ-прэзідэнт кампаніі Ўладзімір Назараў. Па ягоных словах, прэтэнзіі ад беларускага боку па наяўных дэфектах расіяне атрымалі толькі ў чэрвені 2009 года і тады ж узгаднілі план па іх выпраўленні. Згодна з гэтым планам трубаправод два разы на месяц на чатыры дні спыняўся на прафілактыку. Апошняе спыненне адбылося 16 ліпеня, а 17 ліпеня з'явіўся загад спыніць прапампоўку дызельнага паліва.

Як сцвярджае Ўладзімір Назараў, прапампоўка ў Вентспілс была абмежаваная ўдвая яшчэ ў чэрвені, каб знізіць ціск на беларускім участку трубаправоду: ад звычайных 400-500 тысяч тон у месяц да 200-250 тысяч тон.

Нагадаем, што эксплуатацыя беларускага ўчастку трубаправода была прыпыненая 17 ліпеня, але вядома пра гэта стала толькі 21-га. Прычынай называецца нездавальняючы тэхнічны стан трубаправоду, на якім неаднойчы адбываліся маштабныя аварыі.