Трэнер "Шэрыфа": Калі працаваў у Беларусі, мне не ўдавалася перамагаць БАТЭ

Галоўны трэнер малдоўскага "Шэрыфа" беларус Андрэй Сасніцкі напярэдадні матчу з БАТЭ распавёў, што мае агромістае жаданне дасягнуць поспеху.  "У мяне, натуральна, павышаны эмацыйны пад'ём. Усё ж такі я, па-першае, добра знаёмы з беларускім футболам. Па-другое, добра ведаю каманду БАТЭ, яе кіраўніцтва і былых трэнераў. Калі працаваў у Беларусі, у мяне ніколі не атрымлівалася абыгрываць барысаўскі клуб", – заявіў трэнер на перадматчавай прэс-канферэнцыі.

Нагадаем, Андрэй Сасніцкі да ціраспальскага "Шэрыфа" ўзначальваў мазырскую "Славію" і брэсцкае "Дынама".

На прэс-канферэнцыі, Сасніцкі адзначыў, што гульня з БАТЭ будзе цяжкай, таму што вырашаецца пытанне лідарства ў групе. Да таго ж барысаўчане падышлі да матчу ў аптымальнай форме і ў аптымальных фізічных кандыцыях. У малдаван жа ёсць цяжкасці з некаторымі футбалістамі. Траўму атрымаў паўабаронца Нэльсан Фрэд, мікратраўмы – у абаронцы Мілана Самарджыча і нападаючага Джымі Франса.