Трое беларусаў чакаюць эвакуацыі ў сектары Газа

Эвакуацыі з сектара Газа чакае адна беларуска і двое яе дзяцей. Пра гэта сёння паведаміў беларускі консул у Ізраілі Сяргей Палагін.

Паводле яго слоў, усяго амбасада мела размову з 14 грамадзянамі — чатырма жанчынамі і 10 дзецьмі.

З іх толькі адна жанчына выказала жаданне пакінуць сектар Газа, яна і яе дзеці ўнесены ў спісы для эвакуацыі.

Консул зазначыў, што спісы цяпер знаходзяцца на разглядзе ізраільскага боку, які павінен даць дазвол на праходжанне цераз кантрольна-прапускны пункт "Эрэц".

Адтуль бежанцаў даставяць у Іарданію, дзе іх забярэ самалёт расійскіх ратавальнікаў. На думку консула, эвакуацыя пройдзе ў бліжэйшым часе.

Нагадаем, першыя сем грамадзян Беларусі, эвакуяваныя з дапамогай расійскага МНС з сектара Газа, прыбылі ў Мінск 22 чэрвеня.

БелаПАН