Трусаў верыць, што на Усебеларускім сходзе згадаюць Год беларускай мовы

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў спадзяецца, што на IV Усебеларускім сходзе разгледзяць тэму Года беларускай мовы. Нагадаем, што акцыя адбудзецца 6-7 снежня ў Мінску.  У каментары Еўрарадыё Трусаў паведаміўў, што з адпаведным зваротам ён звярнуўся да прэм’ер-мінстра Сяргея Сідорскага, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімера Макея і аднаго з дэлегатаў на Усебеларускі сход – дэпутата Генадзя Давыдзькі:

Трусаў: “Я паслаў адну прапанову Макею, ён сустаршыня, другую – паслаў Сідорскаму. І яшчэ персанальна папрасіў Давыдзьку, паслаў яму зварот па электроннай пошце. Тым больш, што ён інтэлігент, мову ведае. Можа, Давыдзька што зробіць... Я думаю, што адказам будуць матэрыялы сходу. Можа, яны што і ўставяць у пяцігадовую праграму, я спадзяюся”.

Трусаў адзначае, што ТБМ хоча зрабіць 2011-ы Годам беларускай мовы. Зварот да Усебеларускага сходу з гэтай прапановай – толькі адна з акцыяў. Акрамя яе ўжо другі месяц ТБМ збірае подпісы на імя Аляксандра Лукашэнкі з гэтай просьбай. Таксама, кажа Трусаў, яны звярнуліся да ўсіх кандыдатаў з прапановай уставіць моўнае пытанне ў свае праграмы.