Турцыя абвінаваціла Расію ў другім парушэнні паветранай прасторы

Турцыя абвінаваціла Расію ў другім парушэнні паветранай прасторы

МЗС Турцыі заявіў, што расійскі ваенны самалёт парушыў паветраную прастору Турцыі ў правінцыі Хатай ў нядзелю 4 кастрычніка, перадае РБК. У сувязі з гэтым МЗС Турцыі выклікаў расійскага амбасадара ў Анкары.

Гэта другі выпадак за тры дні, калі расійскія ваенныя самалёты злятаюць у турэцкую паветраную прастору. Раней турэцкі бок паведамляў, што расійскі ваенны самалёт заляцеў у Турцыю ў суботу, 3 кастрычніка. На перахоп парушальніка былі ўзнятыя два турэцкія знішчальнікі F-16S. Пасля інцыдэнту амбасадару Расіі ў Турцыі ўручылі ноту пратэсту. Расійская амбасада ў Анкары прызнала, што самалёт парушыў паветраную прастору краіны.

Мінабароны Расіі заявіла, што самалёт Су-30 на некалькі секундаў зайшоў у турэцкую паветраную прастору, калі выконваў манеўр над горна-лясістай мясцовасцю пры вяртанні на аэрадром Хмеймім пасля планавага баявога палёту.

У сваю чаргу туркі заяўляюць, што неапазнаны МіГ-29 5 хвілін 40 секундаў трымаў турэцкія знішчальнікі на прыцэле.

Фота: AFP