Туркменістан замяніў “нязменнага” амбасадара ў Беларусі

Новым амбасадарам Туркменістана ў Беларусі прызначаны Ата Гундагдзіеў. Пра гэта паведаміла прэс-служба прэзідэнта Туркменістана. Адначасова Гундагдзіеў прызначаны пастаянным паўнамоцным прадстаўніком Туркменістана пры статутных і іншых органах СНД. Да прызначэння ён узначальваў дыппрадстаўніцтва сваёй краіны ў Таджыкістане.

Гундагдзіеў замяніў адпраўленага ў адстаўку Іллю Вяльджанава, які займаў пасаду амбасадара ў Беларусі 12 гадоў. Вяльджанаў жыве і працуе ў Мінску з 1984 года.

Да пераходу на дыпламатычную работу ён займаў пасаду намесніка камандуючага Беларускай вайсковай акругай у званні генерал-лейтэнанта Узброеных сіл СССР. Неафіцыйна ён лічыўся ў Мінску дуаенам, паколькі знаходзіўся ў Беларусі больш часу, чым іншыя дыпламаты. Вільджанаў нават мае беларускае грамадзянства.