Тытул "Міс Мінск — 2009" атрымала 18-гадовая Марыя Кубракова

Уладальніцай тытула "Міс Мінск — 2009" стала 18-гадовая Марыя Кубракова. Фінал сталічнага конкурсу прыгажосці прайшоў 10 верасня ў спартовым комплексе "Мінск-Арэна". Як адзначае БелаПАН, Кубракова — прафесійная танцорка, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Першай віцэ-міс стала будучая архітэктарка, студэнтка Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Вольга Сімакова (18 гадоў), другой віцэ-міс — балярына, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дар'я Саладуха (20 гадоў).

Фіналісткі дэфілявалі па подыўме ў вячэрніх сукенках і спартовых купальніках, а потым адказалі на пытанні чальцоў журы. У яго склад сёлета ўвайшлі Анатоль Ярмоленка, Аляксандр Ціхановіч, Аляксандр Сяроў, Ігар Нікалаеў, прадстаўнікі заснавальнікаў конкурсу, мадэльер Іван Айплатаў, скульптар Уладзімір Жбанаў і інш.

У фінале конкурсу прыгажосці "Міс Мінск — 2009" прынялі ўдзел 20 жыхарак сталіцы. Пераможца конкурсу атрымала карону, грашовую ўзнагароду ў памеры 10 млн рублёў ад Мінгарвыканкама і права на рэалізацыю ўласнага праекту. Праект Кубраковай звязаны з навучаннем бальным танцам дзяцей са шматдзетных сем'яў.