У 2011 годзе Беларусь набудзе ў Расіі столькі ж нафты без пошліны, як і сёлета

У наступным годзе Беларусь набудзе не менш за 6,3 мільёна тон расійскай нафты без увазной пошліны. Згодна з міжурадавым пагадненнем ад 12 студзеня 2007 года, калі Беларусь і Расія не здолеюць дамовіцца аб аб’ёме будучых паставак, у 2011-м “нафта пастаўляецца ў бяспошлінным рэжыме ў аб’ёме, роўным аб’ёму расійскай нафты, пастаўленай у бяспошлінным рэжыме за папярэдні каляндарны год”. “Аб’ём унутранага спажывання расійскай нафты ў Беларусі (а лічыцца, што Расія пастаўляе нам нафту без пошліны толькі для ўнутранага спажывання) бакі мусяць штогод узгадняць да 1 кастрычніка, ― распавёў Еўрарадыё незалежны аналітык Сяргей Чалы. ― Калі гэтага не адбудзецца, Беларусь паводле згаданага пагаднення гарантавала сабе захаванне паставак у аб’ёме 2010 года. Так што тут у нас тылы прыкрытыя”.

7 верасня Эканамічны суд СНД разглядаў правамернасць спагнання Расіяй увазной пошліны на нафту і нафтапрадукты. Аднак суд адклаў гэтую справу на месяц ― да 7 кастрычніка, калі Масква і Мінск ужо мусяць самі вырашыць пытанне паставак нафты на наступны год.

Нагадаем, памер пошліны зараз складае 273,5 долараў за тону. Перапрацоўваць расійскую нафту, абкладзеную пошлінай, беларускім НПЗ нявыгадна.