У адзіны кадэцкі клас у Мінску Колю Лукашэнку пакуль не запісалі

У кадэцкім класе, дзе, магчыма, будзе вучыцца Коля Лукашэнка, будуць вучыць любіць бацькоў і радзіму, навучаць танцам, этыкету і элементам барацьбы. Днямі “Рускі Newsweek” паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка вырашыў аддаць свайго сына Колю ў кадэцкі корпус. Малодшаму Лукашэнку хутка споўніцца 6 гадоў — самы час ісці ў першы клас. А адзіны кадэцкі клас, куды будуць набіраць дзяцей шасцігадовага ўзросту, з’явіцца сёлета ў мінскай СШ № 222.

Як паведаміў дырэктар школы Ігар Бабкоў, клас разлічаны на 20 вучняў, і навучацца там будуць як хлопцы, так і дзяўчаты. А набор асноўных прадметаў не будзе адрознівацца ад тых, што вывучаюць у звычайных школах. У той жа час, ад звычайных вучняў кадэты будуць адрознівацца нават знешне: яны будуць насіць форму, падобную да ваеннай.

Ігар Бабкоў: “У іх будзе форма. Праўда, больш нейтральная, чым казацкая. Нагавіцы, на якіх ад казакоў там будзе толькі лампас, белая кашуля, будзе кіцель на цёплы час. Каўнер будзе не “стойкай”, каб дзіцё не задыхалася, а адкладны. І будзе альбо берэт, альбо фуражка. Усё замовяць цэнтралізавана. Штосьці за кошт спонсараў, штосьці за кошт бацькоў”.

Ідэя стварэння кадэцкага класа належыць Усебеларускаму аб’яднанаму казацтву. Таму дысцыпліна там будзе падобная да вайсковай.

Ігар Бабкоў: “Мы плануем у стыль зносінаў з імі ў школе увесці элементы такога кшталту: “Кадэт такой-та! Выйсці да дошкі для адказу!”. Элементы вайсковай дысцыпліны ўвесці. Але муштроўкай тупой ніхто займацца не будзе, гэта я вам гарантую”.

Сёння, кажа дырэктар, клас амаль набраны. Але Коля Лукашэнка, сцвярджае Ігар Бабкоў, у спісе кадэтаў не значыцца.

Ігар Бабкоў:
“Сказаць-та можна адно. Ён (Аляксандр Лукашэнка — ЕРБ), відаць, сказаў гэта, калі гаварыў пра кадэцкія вучэльні, бо ў гэтым рэальна нічога дрэннага няма. І гэта ён, напэўна, казаў у сувязі з тым, што прынята распараджэнне аб стварэнні кадэцкіх вучэльняў. Па сутнасці, у нашай краіне ёсць толькі Сувораўская вучэльня. Яе мала. Будзе адкрывацца сетка кадэцкіх вучэльняў, куды дзеці будуць з 8 класа ісці вучыцца”.

Вось толькі, па-першае, такіх вучэльняў пакуль няма, а па-другое — да 8 класа Колю Лукашэнку яшчэ вучыцца і вучыцца. Ёсць, праўда, і спецыялізаваныя кадэцкія класы, кажа Ігар Бабкоў.

Ігар Бабкоў: “У нас ёсць кадэцкі клас ад МНС, ёсць кадэцкі клас ад МУС, ёсць кадэцкі клас ад Узброеных сіл. Там таксама ёсць элементы патрыятычнага выхавання, але там так: апранулі дзяцей у форму — і забыліся на іх, па вялікім рахунку”.

Але і ў гэтыя спецыялізаваныя класы, кажа дырэктар школы, бяруць дзяцей значна старэйшага ўзросту, чым 6-7 гадоў.

Што ж тычыцца гэтага першага ў Беларусі кадэцкага класа, куды будуць прымаць дзяцей з 6 гадоў, то пакідаць іх на ноч у школе нельга, прадугледжана толькі група падоўжана дня. Харчаванне звычайнае, як і ў астатніх школах: адзін раз за кошт бюджэту, другі — бацькоў. Асаблівая ўвага будзе надзяляцца выхаванню дзяцей.

Ігар Бабкоў: “Але кадэцкі клас — гэта больш выхаваўчая стратэгія. Каб дзіцё расло і з павагай ставілася да дарослых, да краіны. Умела за сябе пастаяць, культурным было. І мы ідзем паводле такога прынцыпу, што палова хлопчыкаў будзе, а палова — дзяўчат”.

Што тычыцца ўмення пастаяць за сябе, то кадэты будуць вывучаць элементы барацьбы. Займацца патрыятычна-культурным выхаваннем дзяцей будуць як мясцовыя, так і адмыслова запрошаныя для гэтага настаўнікі. Адкуль і каго будуць запрашаць, кажа дырэктар, пакуль не вырашана. Створаць і спецыяльная кружкі, дзе факультатыўна будуць выкладаць этыкет і розныя танцы. Вось толькі басейна свайго ў школе няма.

Да пачатку заняткаў ў кадэцкім класе яшчэ больш за два месяцы. Адзін першы клас амаль сфармаваны. Але, кажа Бабкоў, калі жадаючыя аддаць сваіх дзяцей у кадэты будуць звяртацца, то сфармуюць і яшчэ адзін клас. Прычым не мае значэння, у якім раёне Мінска жыве сям’я. Галоўнае — забіраць дзяцей са школы своечасова.

Фота: gazeta.lv