У акруговыя выбаркамы вылучаныя 468 прадстаўнікоў палітычных партый

У склад акруговых выбарчых камісій вылучаныя 468 прадстаўнікоў палітычных партый. Пра гэта БелаПАН паведаміў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік. Агулам у 367 акруговых камісій вылучаныя 5499 чалавек. Больш за ўсё прадстаўнікоў высунулі грамадскія арганізацыі — 2233. Грамадзяне шляхам збору подпісаў вылучылі 1888 чалавек, працоўныя калектывы — 910.

Камуністычная партыя Беларусі вылучыла ў склад акруговых камісій 200 чалавек, Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" — 104, Аб'яднаная грамадзянская партыя — 43, Беларуская аграрная партыя — 23, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Партыя БНФ — па 22, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды — 14, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — 12, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 10, Беларуская патрыятычная партыя — 7, Беларуская партыя "Зялёныя" — 6, Беларуская сацыяльна-спартовая партыя — 4, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада — аднаго.

Агулам апазіцыйныя партыі вылучылі 186 чалавек.

Грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" вылучыла 332 прадстаўнікі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — 338, Беларускі саюз жанчын — 243, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў — 252. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі вылучыла 851 чалавека.

Акруговыя выбаркамы павінны быць сфармаваныя да канца сённяшняга дня.