У Ашмянскім раёне фермер жорстка адлупцаваў кіем свайго работніка

Ашмянскі фермер жорстка збіў наёмнага работніка. Здарэнне адбылося ў вёсцы Павішні.
У гаспадароў ўзніклі прэтэнзіі да 41‑гадовага работніка іх сялянска‑фермерскай гаспадаркі. На іх думку, ён нешта скраў. Замест таго, каб звярнуцца ў міліцыю, гаспадар прыняў іншае рашэнне — паказальна адлупцаваць чалавека. Мужчына прывязаў рукі работніка да слупа ды жорстка збіў яго драўляным кіем, якім было нанесена не менш за 27 удараў.

Пра гэты выпадак міліцыя магла і не дазнацца, каб пацярпеламу не стала дрэнна і ён не звярнуўся бы па медыцынскую дапамогу ў шпіталь. Адтуль паведамілі ў міліцыю.
У выніку была заведзена крымінальная справа, паведамляе БЕЛТА.