У Асіповічах шпіталізаваныя 8 дзяцей, у якіх падазраюць "свіны" грып

Восем дзяцей, якія былі на адпачынку ў Вялікабрытаніі, змешчаныя ў інфекцыйнае аддзяленне Асіповіцкай раённай бальніцы. У іх падазраюць "свіны" грып, паведамляе сайт regionby.org. Нагадаем, некалькі дзён таму Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра траіх дзяцей, якія захварэлі "свіным" грыпам. Паводле звестак сайта regionby.org, жыхары Асіповічаў занепакоеныя станам дзяцей, якія вярнуліся з Вялікабрытаніі. Агулам на адпачынак ездзілі 38 чалавек, усе яны патрапілі на тыднёвы каранцін. Лекары паведамляюць, што стан васьмі шпіталізаваных дзяцей "здавальняючы".