У Астраўцы збіраюцца правесці пікеты супраць будаўніцтва АЭС

Актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Уласевіч і Іван Крук падалі ў Астравецкі райвыканкам заяўкі на правядзенне пікетаў супраць будаўніцтва АЭС. Як паведамляе прэс-служба партыі, акцыі плануецца правесці ў райцэнтры Астравец і яшчэ трох найбольш буйных населеных пунктах раёна пад лозунгам "Астравецкая атамная - вам гэта трэба?". Мэта пікетаў - "прыцягнуць увагу грамадзян Астравецкага і прылеглых раёнаў Нарачана-Вілейскага запаведнага краю да праблемы магчымага будаўніцтва Астравецкай атамнай электрастанцыі".

Актывісты партыі, у прыватнасці, збіраюцца праінфармаваць жыхароў "аб непазбежных і незваротных згубных наступствах, якія будзе мець будаўніцтва аб\'екта павышанай небяспекі", а таксама арганізаваць збор подпісаў супраць узвядзення АЭС.

Пікеты ў Астраўцы запланаваныя на 15 і 22 лістапада, у вёсцы Міхалішкі - на 18 лістапада, у вёсцы Варняны - на 19 лістапада, вёсцы Гервяты - на 25 лістапада.

БелаПАН нагадвае, што Астравецкая пляцоўка называецца найбольш верагоднай у якасці месца будаўніцтва будучай АЭС.