У аўторак у судзе пачнуцца спрэчкі бакоў па справе "Жывы шчыт"

У судзе Мінскага раёна і Заслаўя ў панядзелак працягваўся разгляд справы дваіх ДАІшнікаў-арганізатараў "жывога шчыта" з легкавікоў з людзьмі ў сакавіку на трасе "Мінск-Мікашэвічы".  Сёння быў дапытаны яшчэ адзін сведка - начальнік аддзела па арганізацыі дарожнага руху Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі Юрый Траян.

Як адзначае БелаПАН, падчас папярэдняга следства Юрый Траян заяўляў, што арганізатары "жывога шчыта" дзейнічалі непрафесійна. У судзе ж ён патлумачыў сваю пазіцыю тым, што, на яго погляд, супрацоўнікі ДАІ маглі б спыніць аўтамабіль з дапамогай службовых ці грузавых аўтамабіляў, але ў іх не хапіла часу на гэтыя дзеянні.

24 чэрвеня ў 14 гадзін у судзе  пачнуцца спрэчкі бакоў.

Нагадаем, пракурор запатрабаваў прызнаць супрацоўнікаў ДАІ вінаватымі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, прычыненні пагрозы жыццю і здароўю грамадзян. Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. У сваю чаргу ДАІшнікі сваёй віны не прызнаюць.