У Бабруйску адкрыецца першая ў Беларусі праваслаўная гімназія

31 жніўня ў Бабруйску запланавана адкрыццё першай у Беларусі праваслаўнай гімназіі.
Як паведаміў адказны за сувязі са СМІ мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі іерэй Сергій Каравінскі, гэты праект рэалізуецца ў рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж Беларускім экзархатам і Міністэрствам адукацыі.

Паводле яго слоў, за парты ў гэтай унікальнай установе адукацыі сядуць 17 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце 6 гадоў, у асноўным з праваслаўных сем'яў. Гімназія размяшчаецца ў двухпавярховым будынку былога дзіцячага садка, што адноўлены намаганнямі Свята-Мікола-Сафійскага прыходу, які з'яўляецца заснавальнікам навучальнай установы.

Навучальны працэс будзе праходзіць па вучэбных планах пачатковай школы Міністэрства адукацыі, у якія ўключаны ўрокі Закону Божага і асновы праваслаўнай культуры. Тэрмін навучання ў гімназіі — чатыры гады.
 
БелаПАН