У Бабруйску хуліган двойчы стрэліў у галаву ахоўніку крамы

У Бабруйску п'яны хуліган страляў у ахоўніка крамы. Здарэнне адбылося ўвечары 26 лютага на цэнтральнай вуліцы горада. Як інфармуе прэс-служба МУС, у краму зайшлі двое п'яных хлопцаў. Калі яны разлічваліся за прадукты, адзін з іх заявіў, што касірка працуе занадта марудна. Пачалася сварка. У гэты момант адзін з хлопцаў прадэманстраваў, што мае пісталет.

Дзяўчына-касірка звярнулася па дапамогу да ахоўніка крамы. Але хуліган не спалохаўся, дастаў пнеўматычны пісталет і двойчы стрэліў у галаву ахоўніку. Апошні атрымаў раненні вока і вуха.

Як інфармуе БЕЛТА, хуліган спрабаваў уцячы, але прадаўшчыцы крамы хутка паведамілі пра здарэнне ў міліцыю, і "стралка" затрымалі супрацоўнікі Дэпартамента аховы. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "здзяйсненне асабліва злоснага хуліганства". 20-гадоваму жыхару Бабруйска пагражае да 10 гадоў зняволення. Дарэчы, раней ён трапляў за краты за хуліганства, крадзеж і рабункі.

Фота: Fotolia