У Бабруйску “падпальшчыкі” будынка КДБ заплацяць за дзверы
Яўген Васьковіч, якога абвінавачваюць у злосным хуліганстве за падпал будынка КДБ восенню мінулага года, амаль месяц знаходзіцца ў бабруйскім СІЗА.
Рушанія Васьковіч, маці Яўгена, адзначае, што пакуль невядома, якую частку артыкула інкрымінуюць сыну.
"Гэта вялікае пытанне, па якой частцы асудзяць, ад гэтага будзе залежаць і колькасць год, якія Яўген правядзе за кратамі. На дадзены момант мне вядома толькі тое, што я мушу заплаціць 100 тысяч за матэр’яльную шкоду, за падпаленыя дзверы ў будынку КДБ. Такую ж суму заплацяць і сваякі Арцёма Пракапенка і Паўла Сырамолатава", - распавяла маці Васьковіча.
Рушанія Васьковіч паведаміла, што Яўген не скардзіцца на ўмовы утрымання ў СІЗА. Ён піша ў лістах, што да яго добра ставяцца і супрацоўнікі следчага ізалятара і сукамернікі, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".