У Баранавічах старшыня камісіі выгнала з участку ўсіх назіральнікаў

Першы дзень датэрміновага галасавання ў Баранавічах выявіў шмат парушэнняў выбарчага заканадаўства. Найбольш гучнае выявілася на выбарчым участку № 31, дзе старшынёй камісіі з’яўляецца галоўны лекар паліклінікі Эльміра Багдановіч.

Асноўную масу папярэдне прагаласаваўшых на ўчастку складаюць студэнты мясцовага універсітэту. Яны казалі, што амаль кожны перапынак у БарДУ гучыць абвестка-напамін пра датэрміновае галасаванне. За гадзіну да закрыцця выбарчага ўчастку ўжо прагаласавала каля 180 чалавек. Гэта ў 10 разоў больш, чым на іншых выбарчых участках горада Баранавічы.

Такой вялікай лічбы, напэўна, спалохолася і сама старшыня камісіі, перадае праваабарончы цэнтр "Вясна". Багдановіч выдаліла ўсіх назіралькаў у калідор. Адзін з наглядальнікаў Віктар Цяпін патэлефанаваў ў пракуратуру. Дзяжурны пракурор прыехаў вельмі хутка і, дзякуючы яго ўмяшальніцтву, назіральнікі атрымалі магчымасць вярнуцца на свае месцы.