У Баранавічах сядзелку падазраюць у забойстве пенсіянеркі

У забойстве старой кабеты падазраецца 48-гадовая жыхарка Баранавіч, якая была ў бабулі сядзелкай. Цела забітай з шматлікімі траўмамі знайшлі ў яе дома. Хутка выявілі і жанчыну, якая, паводле меркавання следства, мае дачыненне да смерці пенсіянеркі.
Як стала вядома, сядзелку сваякі бабулі былі вымушаныя наняць з-за сваёй занятасці на працы. Аднойчы паміж сядзелкай і бабуляй адбылася спрэчка, падчас якой сядзелка, нібыта, стала біць пенсіянерку рукамі і нагамі, ад чаго тая памерла.

Цяпер высвятляецца, хто накіраваў жанчыну, якая стаіць на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры, на працу сядзелкай. Кабеце пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 25 год.

Іван Юрашчык, Еўрарадыё, Баранавічы