У БДУ на сумоўе зарэгістравалася 1.300 абітурыентаў

У БДУ зараз ажыятаж сярод абітурыентаў: у дзень на сумоўе рэгіструецца па 300 чалавек, затое ў педагагічным універсітэце за 2 тыдні працы прыёмнай камісіі пададзена толькі 18 заяў. У прыёмнай камісіі БДУ Еўрарадыё расказалі, што ў апошнія дні на сумоўе абітурыенты сталі рэгістравацца больш актыўна. Напрыклад, учора было пададзена каля 300 заяў, і на сённяшні дзень іх ужо 1.300. Самы папулярны блок - правазнаўства і эканамічнае права.

БДУ: На блок спецыяльнасцяў “ правазнаўства і эканамічнае права” - недзе 670 чалавек.

На “журналістыку” пададзена 200 заяў, а на “мытную справу” – 150. У асноўным абітурыенты прыходзяць самі, каб падаць заяву, але некаторыя могуць даслаць ліст. У прыёмнай БДУ Еўрарадыё расказалі, што яны атрымалі больш за 100 лістоў ад іншагародніх і сталічных абітурыентаў.

Як паведамілі Еўрарадыё ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, на 18 сакавіка зарэгістравалася толькі 111 чалавек. Тут заявы прымаюць па трох спецыяльнасцях.

БДЭУ: У нас няма падраздзяленняў, у нас усе ідуць як адна група: “дзяржаўнае кіраванне”, “дзяржаўнае кіраванне і права” і “дзяржаўнае кіраванне і эканоміка”.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка на спецыяльнасць “журналістыка” прайсці сумоўе адважыліся толькі 18(!) чалавек.

Нагадаем, з 5 сакавіка ў беларускіх ВНУ пачалася рэгістрацыя на абавязковыя прафесійна-псіхалагічныя сумоўі. Ахвотныя паступіць на самыя папулярныя і прэстыжныя спецыяльнасці павінныя будуць запісацца на яго да 31 сакавіка.