У Беларусь прыедзе прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, як чакаецца, у канцы лістапада наведае Беларусь. Пра гэта паведаміў казахскі прэм'ер-міністр Карым Масімаў, паведамляе сайт ru.trend.az.
Паводле яго слоў, пытанні падрыхтоўкі гэтага візіта былі абмеркаваныя падчас сустрэчы ў панядзелак з беларускай дэлегацыяй на чале з прэм'ерам Сяргеем Сідорскім.

Нагадаем, Сідорскі знаходзіцца ў Казахстане з двухдзённым візітам. Беларускі бок прапанаваў гэтай краіне рэалізаваць 37 сумесных праектаў. У прыватнасці, былі прапанаваныя беларускія тэхналогіі і наладжванне вытворчасці беларускай тэхнікі з мэтай павелічэння вытворчасці ў краіне збожжа, бульбы, буракоў і г. д. Таксама Сяргей Сідорскі прапанаваў сумесныя праекты ў вытворчасці малочнай прадукцыі, медыцынскай тэхнікі. Беларусь заявіла пра намер прыняць удзел у тэндэры на будаўніцтва ў Казахстане комплекса па вытворчасці калійных і фосфарных угнаенняў.