У Беларусь сёння завязуць больш за 30 тысяч упаковак “Таміфлю”

Лекі ад “свінога грыпу” нарэшце патрапяць у аптэкі
Цягам бліжэйшых двух дзён швейцарская кампанія паставіць у нашу краіну 40 тысяч упаковак “Таміфлю”. Пра гэта Еўрарадыё распавяла кіраўніца прадстаўніцтва “Roche” у Беларусі Алена Вавілава.

Алена Вавілава: “Сёння па дакументах на самалёт “Люфтганзы” грузіцца 30 тысяч упаковак і заўтра павінна прыйсці яшчэ 10 тысяч. На заўтрашні дзень мы чакаем, што ў Беларусі будзе 43 тысячы ўпаковак “Таміфлю”, тады ўжо нейкая частка пойдзе ў аптэкі”.

Дагэтуль кампанія “Roche” зрабіла 2 маленькія пастаўкі. 7 лістапада ў Беларусь прыйшла тысяча ўпаковак, а 9 лістапада яшчэ 2 тысячы. Па словах Алены Вавілавай, усе гэтыя лекі знаходзяцца ў бальніцах.

У бліжэйшы час наша краіна таксама павінна атрымаць партыю “Таміфлю” ад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Плануецца, што гэтая пастаўка будзе большая за швейцарскую.

Працяг тэмы чытайце неўзабаве ў нашым рэпартажы.


Фота — kp.by