У Беларусь за "інфармацыйнымі матэрыяламі" прыязджаў сын Кастра

Старэйшы сын Фідэля Кастра нядаўна прыязджаў у Беларусь. Аднак афіцыйных паведамленняў пра яго візіт не было. Як даведалася "Салідарнасць" у кубінскай амбасадзе ў Мінску, Фідэліта Кастра знаходзіўся ў нашай краіне на запрашэнне Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіям. Ён наведаў навуковыя цэнтры Акадэміі навук, а сярод іх - аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных тэхналогій "Сосны", Міністэрства адукацыі. Кастра-малодшага цікавіў "навуковы патэнцыял Беларусі", падчас сустрэч яму былі перададзены "інфармацыйныя матэрыялы пра стан навукова-тэхнічнай сферы ў Беларусі".

Па адной з версіяў, Мінск і Гавана разглядаюць магчымасць рэалізацыі сумеснага атамнага праекту (дарэчы, Фідэліта Кастра - спецыяліст у тэарэтычнай ядзернай фізіцы), паводле іншай - сям'я Кастра мае намер паўдзельнічаць у прыватызацыі ў Беларусі.