У Беларусі да 2010 года створаць 69 цалкам новых мадэляў аўтамабіляў

У Беларусі да 2010 года будзе створана 69 цалкам новых мадэляў аўтамабіляў. Як паведамляе прэс-служба ўрада, пра гэта заявіў міністр прамысловасці Анатоль Русецкі 10 ліпеня на пасяджэнні прэзідыўма Савета міністраў. Па словах Русецкага, праект праграмы, падрыхтаванай Мінпрамам, прадугледжвае стварэнне да 2010 года магутнасцяў для выпуску як мінімум 51 тысячы аўтамабіляў.

З іх на Мінскім аўтамабільным заводзе будзе вырабляцца не менш за 31 тысячу машын. Акрамя таго, праграмай прадугледжаны выраб 1 тысячы аўтакранаў у год на "Магілёўтрансмаш" з выкарыстаннем шасі Маза.

Будзе дзейнічаць вытворчасць аўтобусаў чатырох класаў - вялікіх, сярэдніх пасажырскіх, міжгародных, аэрадромных. МАЗ праз тры гады павінен выпускаць не менш за 2,5 тысячы аўтобусаў у год. Акрамя таго, іх вытворчасць будзе весціся на заводзе "Нёман" (Ліда) і на Гомельскім аўтарамонтным заводзе.

Прадугледжаны таксама выпуск шырокай гамы спецтэхнікі, а таксама прычэпаў. Беларускія аўтамабілі да 2010 года будуць цалкам камплектавацца айчыннай электронікай.

Праграмай прадугледжаная поўная камплектацыя аўтамабіляў: ад бартавога камп’ютара да ўсіх іншых электронных сістэм.

БелаПАН