У Беларусі колькасць беспрацоўных скарацілася разам з насельніцтвам

Пайшоў апошні год пяцігодкі. Еўрарадыё паглядзела, якія абяцанні з мінулага Ўсебеларускага сходу ўрад выканаў, а якія — не
На трэцім Ўсебеларускім сходзе, што адбыўся 4 гады таму, была  зацверджаная Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2006-2010 гады. Былы сенатар Мікалай Чаргінец лічыць, што рашэнні, прынятыя падчас сходу, павінны не проста брацца да ўвагі, але і абавязкова выконвацца.

Мікалай Чаргінец: “Усебеларускі сход збіраецца з прадстаўнікоў народа. Вядома, калі там гучаць рэчы, звязаныя з далейшым развіццём дзяржавы, з унутраным уладкаваннем эканомікі, сацыяльнай палітыкі, то гэта ўсё прымаецца не проста да ўвагі, а да выканання, як правіла”.

Улік усіх разумных прапаноў мусіць быць пастаўлены на больш высокі ўзровень, кажа спадар Чаргінец. Пакуль афіцыйныя вынікі пяцігодкі яшчэ не падведзеныя, Еўрарадыё само зрабіла падлікі.

Блытаніна атрымалася з заробкамі. Прэзідэнт назваў адну лічбу, запланавалі іншую. Цяпер незразумела, як лічыць — выканалі план альбо не?

"У нас ёсць абавязальніцтвы перад народам. Гэта лічба святая. Яна прынятая на Ўсебеларускім сходзе 5 год таму”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў 2010 годзе, назваўшы заробак у 500 долараў.

Насамрэч, Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі “прадугледжвае павышэнне рэальнай заработнай платы працаўнікоў на 152-158 працэнтаў”. Калі да канца 2006 года сярэдні заробак па краіне дасягнуў 261 долар, то, паводле падлікаў Еўрарадыё, сёння ён павінен скласці каля 400 долараў. Прыкладна такую лічбу і дае Міністэрства статыстыкі.

Белстат: За лістапад — гэта мільён, 12 тысяч 903 рублі. (што складае прыкладна 380 долараў).

Цікава, што калі паглядзець на кошты жылля ў Беларусі, то ў 2010 годзе сярэдні беларус павінен атрымоўваць як мінімум 1000 долараў, бо як напісана ў Праграме сярэднемесячны заробак павінен раўняцца кошту квадратнага метра жылля:

“Суадносіны кошту квадратнага метра жылля і сярэднемесячнага заробку, якія склалі ў 2004 годзе 1,64, да 2010 года павінны паменшыцца і дасягнуць 0,9 – 1, што забяспечыць даступнасць жылля для грамадзянаў з сярэднім заробкам, запланаваным на канец пяцігодкі”

Недарэчнасць выйшла і з заробкамі ў аграрнай сферы. Абяцалі “стварыць умовы для росту прыбытку працаўнікоў, занятых у аграрнай сферы: іх сярэднемесячны заробак да 2010 года плануецца давесці да 320 – 360 долараў ЗША”.

Эксперт у аграрнай галіне Анатоль Гуляеў называе іншыя лічбы:

“Давайце паглядзім, што зарабляюць тыя людзі, на ўтрыманне якіх выдаткоўваюцца такія вялізныя грошы. Перад нашай з вамі размовай я патэлефанаваў у Шклоўскі раён, такая вёска ёсць Дабрэйка, там зараз не ў сезон механізатары, якія выконваюць пэўныя працы, атрымліваюць у лепшым выпадку 150-200 тысяч рублёў. Сельскі жыхар атрымлівае і пенсію малую”.

Здараліся і зусім казусныя рэчы. Пасля таго, як запланаваныя паказчыкі выконвалі, іх адмянялі. Так, напрыклад, прадугледжвалася “заканчэнне рэфармавання агульнаадукацыйнай школы і пераход на 12-гадовае навучанне”. Пасля таго, як школу рэфармавалі, 12-годку зноў замянілі 11-ю гадамі навучання.

“Да такога пераходу не гатовыя не толькі дзеці і бацькі, але не гатовыя настаўнікі. Нельга за два месяцы патлумачыць ім, як два гады навучання сціснуць да аднаго. Гэта будзе проста крэмзанне: спачатку адрэзалі вушы і нос, а пасля паглядзім, што атрымаецца”, — так каментаваў Еўрарадыё рашэнне па адмене 12-годкі старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч.

Абяцалі павялічыць канкурэнтаздольнасць эканомікі і нават яе структурную перабудову:

“Неабходна забяспечыць інавацыйную накіраванасць развіцця эканомікі, больш дзейны механізм стымулявання распрацоўкі і рэалізацыі эфектыўных інвестыцыйных праектаў, і на гэтай аснове павышэнне узроўню канкурэнтаздольнасці эканомікі, уключаючы структурную перабудову, тэхніка-тэхналагічнае пераўзбраенне і рэструктурызацыю вытворчасці”.

Фінансіст Сяргей Чалы лічыць, што напярэдадні выбараў структурных рэформаў ніхто праводзіць не будзе:

“Відавочна, што структурныя пераўтварэнні ў нас вырашылі цалкам пахаваць. Зразумела, што ніякіх балючых мераў прымацца не будзе, таму што любая рэструктурызацыя мае на ўвазе павелічэнне беспрацоўя, звальненне — па ўсёй верагоднасці, гэтага рабіць не хочуць да тых часоў, пакуль не пройдуць выбары. Мы, відавочна, не хочам ісці насустрач, што тычыцца структурных мераў. Таму, хутчэй за ўсё, на наступны год мы атрымаем даволі сур’ёзны дэфіцыт бюджэту”.

Затое мы выканалі і нават перавыканалі планы па валавым унутраным прадукце і інвестыцыях.

Валавы унутраны прадукт да 2010 года, згодна з планам, мусіў вырасці прыкладна ў 1,5 разы. За пяць год у доларавым выражэнні ён вырас з 30 мільярдаў долараў да 48 — акурат у 1,5 разы. У два разы, паводле дадзеных Белстату, выраслі інвестыцыі ў асноўны капітал. Планавалася, што яны павялічацца ў 1,65 – 1,75 разы.

Сальда знешняга гандлю па-ранейшаму адмоўнае і з кожным годам усё большае — на канец 2009 года адмоўнае сальда склала 6367 мільёны долараў.

Беспрацоўе з 68 тысяч чалавек паменшыліся да 40,3. Насельніцтва таксама — на 90 тысяч 200 чалавек, хаця планавалі паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.

Белстат: Паводле дадзеных бягучага ўліку, колькасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 1 снежня 2009 года складае 9 мільёнаў 660 тысяч 800 чалавек, у параўнанні з адпаведнай датай мінулага года яна скарацілася на 12, 6 тысяч чалавек.

Нагадаю, першы Ўсебеларускі сход быў праведзены ў 1996 годзе перад рэферэндумам аб зменах у Канстытуцыі. Другі Ўсебеларускі сход прайшоў у 2001 годзе перад прэзідэнцкімі выбарамі.