У Беларусі могуць штрафаваць кіроўцаў паводле здымка, атрыманага з радара
Сёння ў Беларусі ўступіў у сілу ўказ кіраўніка дзяржавы "Аб мерах, накіраваных на забеспячэнне бяспекі дарожнага руху з выкарыстаннем спецыяльных тэхнічных сродкаў". Цяпер здымка, атрыманага з радара, усталяванага на аўтатрасе, дастаткова, каб аштрафаваць кіроўцу за перавышэнне хуткасці. Як паведамляе БелаПАН, рэалізацыя ўказа пачнецца з трасы Брэст — мяжа з Расіяй, якая ўжо абсталяваная неабходнай апаратурай. Каля года яна працуе ў тэставым рэжыме. У ДАІ не змаглі адназначна пацвердзіць, што з 9 кастрычніка на галоўнай аўтадарозе краіны сродкі фіксацыі перавядуць у працоўны рэжым.