У Беларусі пачалі крымінальную справу з нагоды авіякастастрофы ў Польшчы

Беларуская вайсковая пракуратура пачала крымінальную справу па факце крушэння Су-27 у Польшчы. Як інфармуе БЕЛТА, справа пачатая па ч.2 арт.465 Крымінальнага кодэксу "Парушэнне правілаў палётаў або падрыхтоўкі да іх, што пацягнула смерць двух ці больш асобаў".

Беларуская вайсковая пракуратура стварыла следчую групу, якую ўзначаліў намеснік беларускага вайсковага пракурора палкоўнік юстыцыі Сяргей Шчома.

У пракуратуры зазначылі, што ўжо вывучаюцца дакументы па абслугоўванні самалёта ў Беларусі, яго рамонце, дапытваюцца службовыя асобы. Па інфармацыі польскага боку, абедзве чорныя скрыні і целы загінулых лётчыкаў выяўленыя.

Нагадаем, што 30 жніўня на авіяшоў у горадзе Радам разбіўся беларускі вайсковы самалёт Су-27. Абодва чальцы экіпажу — палкоўнікі Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч загінулі.