У Беларусі шыюць школьную форму, якая аберагае ад выпраменьвання мабільніка

Школьную форму для хлапчукоў, якая абараняе ад выпраменьвання мабільнага тэлефона, пачало выпускаць бабруйскае прадпрыемства "Славянка". Пра таямніцу гэтай прадукцыі Еўрарадыё распавяла начальнік аддзела маркетынгу Любоў Кісялёва:

"Там ставіцца такі матэрыял абаронны ў кішэньку. Мы правяралі, заварачвалі тэлефон і ніякага выпраменьвання няма".


Паводле словаў Кісялёвай, дагэтуль у Беларусі ніхто падобнай прадукцыі для школьнікаў не выпускаў. Яна кажа, што дарагую тканіну для той самай абароннай кішэнькі набывалі "ў Нямеччыне альбо Карэі", за мяжой была знойдзеная і самая ідэя:

"Гэта прывезена з-за мяжы: і тканіна і, здаецца, ідэя таксама".


Школьныя касцюмы з "абаронай" з Бабруйска ўжо павандравалі ў крамы сталіцы. Да пачатку навучальнага года прадпрыемства плануе пашыць іх аж 20 тысяч.