У Беларусі ўпершыню апублікавалі ўнікальны дакумент — "Мемарыял Вітаўта"

У Беларусі ўпершыню апублікаваны "Мемарыял Вітаўта" — ўнікальная пісьмовая крыніца па гісторыі Вялікага княства Літоўскага XIV стагоддзя. Пераклад дакумента пабачыў свет на старонках апошняга нумара часопіса "Беларуская думка", паведамляе БЕЛТА.
Як паведаміў аўтар публікацыі гісторык Алег Ліцкевіч, "Мемарыял Вітаўта" датуецца 1390 годам. Беларускі князь тады падняў паўстанне супраць свайго стрыечнага брата Ягайлы.

Перабраўшыся ў Прусію, Вітаўт быў вымушаны растлумачыць магістру Тэўтонскага ордэна сваю ранейшую палітыку і распавесці пра шматлікія таямніцы гісторыі Вялікага княства Літоўскага.

Гэтая прамова, запісаная пісарам крыжакоў на старадаўняй нямецкай мове, і атрымала ў навуковай літаратуры ўмоўную назву "Мемарыял Вітаўта".

У дакументальным помніку апавядаецца аб гісторыі Вялікага княства Літоўскага за перыяд з 1341 па 1389 гады.

Дарэчы, гэты тэкст пазней быў выкарыстаны для стварэння выбітнага твора старабеларускай літаратуры - "Летапісца вялікіх князёў літоўскіх".

Акрамя таго, у "Мемарыяле" згаданы залаты пояс, які гальшанскі князь Іван Альгімонтавіч падарыў князю Ягайлу.

Магчыма, гэтае першае і адзінае гістарычнае сведчанне існавання так званага пояса Вітаўта, які захоўваецца цяпер у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.