У беларускіх ВНУ зноў вялікі недабор студэнтаў на бюджэт

Першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту Аляксандр Андарала звязвае гэта з дэмаграфічным спадам. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю Naviny.by.



Па стане на 19.00 25 ліпеня на 115 бюджэтных месцаў на спецыяльнасці “матэматыка і інфарматыка” падалі 51 заяву, на 78 месцаў на спецыяльнасць “фізіка і інфарматыка” — 28.



Такая ж самая тэндэнцыя і ў рэгіянальных ВНУ. У Баранавіцкім дзяржуніверсітэце недабор на спецыяльнасць “беларуская мова і літаратура”. Сельскагаспадарчыя спецыяльнасці таксама не карысталіся попытам, там назіраецца недабор на некаторыя спецыяльнасці.


Нават там, дзе конкурс быў, знізіцца прахадны бал. У БарДУ бачаць праблему ў тым, што сёлета не паступілі многія абітурыенты, якія набралі добрыя балы па фізіцы і матэматыцы, але завалілі тэсты па мове. Затое прыйшлі людзі, у якіх блізкія да мінімальных балы па ўсіх прадметах і ім будзе складана вучыцца.


Задаволеныя сёлетнім наборам у Белдзяржуніверсітэце — на бюджэт прыйшло шмат моцных абітурыентаў. Аднак з наборам на платнае ў ВНУ будуць праблемы.