У Беластоку адмянілі распродаж савецкіх будзёнавак (фота)

Польская мытня адмяніла ў апошні момант распродаж у Беластоку канфіскаваных тры гады таму на беларуска-польскай мяжы ў Кузьніцы будзёнавак ды пілотак з савецкімі значкамі. Прычынай такога рашэння стала забарона польскім заканадаўствам публічнага дэманстравання сімволікі таталітарных рэжымаў, паведамляе сайт t-styl.info са спасылкай на беластоцкі "Kurier Poranny". Да такой сімволікі, паводле польскага заканадаўства, належаць і выявы савецкай чырвонай зоркі, сярпа з молатам. За з'яўленне ў публічных месцах з адпаведнымі савецкім значкамі альбо гітлераўскай свастыкай у Польшчы пагражае вялікі штраф альбо зняволенне да 2-х гадоў.

Прадаваць канфіскаваныя будзёнаўкі ды пілоткі планавалася за сімвалічныя грошы — 2-5 злотых (прыкладна 2-5 тыс. рублёў). Цяпер увесь гэты "канфіскат", хутчэй за ўсё, задарма будзе перададзены ў які-небудзь музей.