У Бераставіцкім раёне падлетак збег з дому з-за канфлікту ў школе

У Бераставіцкім раёне суткі шукалі падлетка з вёскі Малая Бераставіца, які збег з дому пасля канфлікту з аднакласнікамі. Увечары ў пятніцу маці 13-гадовага хлопчыка звярнулася ў міліцыю. Паводле слоў жанчыны, сын раніцай пайшоў у школу і знік.

Праваахоўнікі шукалі хлопца суткі, распрацоўваючы самыя розныя версіі здарэння, пакуль урэшце жыхар суседняй вёскі не ўбачыў уцекача на аўтавакзале ў Гродне і не паведаміў пра гэта ў міліцыю. Школьніка затрымалі і потым перадалі бацьку, які адразу выехаў у абласны цэнтр.

13-гадовы аматар прыгодаў пазней патлумачыў, што напярэдадні ўцёкаў у яго здарыўся канфлікт з аднакласнікамі і ён вырашыў не ісці ў школу. Узяўшы з сабой пакет са зменным абуткам і адзін падручнік, падлетак зрабіў выгляд, што ідзе на заняткі, а сам сеў на калгасны аўтобус і паехаў у суседнюю вёску Алекшыцы. Адтуль ён на папутках дабраўся да Гродна.  

Па словах падлетка, яму вельмі хацелася паглядзець на вялікі горад. Пераначаваў ён на аўтавакзале, паведамляе сайт Гродзенскай абласной міліцыі.