У бліжэйшы час у Брэсце можа быць агучаны прысуд Паўлу Севярынцу

У Маскоўскім судзе Брэста сёння працягнуўся судовы працэс над былым палітвязнем, апазіцыйным палітыкам Паўлам Севярынцам. Яго абвінавачваюць у правядзенні несанкцыянаванага сходу.  Нагадаем, 19 жніўня ў офісе брэсцкай гарадской філіі Партыі БНФ праходзіла прэзентацыя кнігі Севярынца “Лісты зь лесу”, на якой прысутнічала каля 30 чалавек. Міліцыянты ўсіх іх затрымалі, але пасля выпусцілі, на частку людзей былі складзеныя пратаколы.

Суд над Севярынцам пачаўся ўчора. Суддзя палічыла, што паказанняў міліцыянтаў недастаткова і выклікала ў суд яшчэ двух сведкаў – прадстаўнікоў сілавых структур. Сёння яны выступілі ў судзе, паказанні іх супярэчлівыя.

Зараз Павел Севярынец, яго адвакат і суддзя праглядаюць відэазапіс нядзельных падзеяў. Як паведаміў “Еўрарадыё” каардынатар па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Андрэй Любянчук, у зале прысутнічаюць больш за 50 чалавек.

Чакаецца, што ў бліжэйшы час будзе агучаны прысуд.