У Брэсце 8 чалавек знялі свае кандыдатуры з выбараў у гарсавет
Пра гэта стала вядома 3 сакавіка на паседжанні гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.
Заявы пра адмову ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі сябры камісіі зацвердзілі аднагалосна. Самі экс-кандыдаты агучылі розныя прычыны такога рашэння: стан здароўя, змена месца жыхарства, сямейныя абставіны. Толькі адзін з вылучэнцаў прызнаўся, што пакінуў перадвыбарчую гонку ў горадзе, каб пазмагацца за дэпутацкае месца ў абласным савеце.
Са словаў незалежнага назіральніка Уладзіміра Вялічкіна, брэстаўчане, якія зняліся з выбараў, з'яўляліся так званымі "альтэрнатыўнымі кандыдатамі ад уладаў".
Вялічкін: "Яны першапачаткова не жадалі прымаць удзел у гэтых выбарах. Я мяркую, ім прапанавалі па месцы працы: "Ідзі!". Магчыма, за іх склалі дакументы і падалі з іх маўклівай згоды. Яны проста не хочуць удзельнічаць у гэтым выбарчым фарсе і прыдумваюць розныя падставы, каб сысці".
На сёння за месца ў Брэсцкім гарсавеце засталіся змагацца 114 чалавек на 40 выбарчых акругах.
Фота — svetlogorsk.by