У Брэсце аднаго з пінчукоў перавялі з рэанімацыі ў агульнае аддзяленне
З рэанімацыі на далечванне ў агульнае аддзяленне Брэсцкай абласной бальніцы быў пераведзены ў панядзелак адзін з пацярпелых падчас выбуху на прадпрыемстве "Пінскдрэў". Двое іншых па-ранейшаму знаходзяцца ў цяжкім стане.
Паводле слоў намесніка галоўнага лекара Брэсцкай абласной бальніцы Тадэвуша Гарасімчыка, ложкі для стварэння безбактэрыяльнага асяродку “Пелікан”, набытыя холдынгам “Пінскдрэў” дзеля лячэння пацярпелых ад выбуху, пакуль задзейнічаныя не цалкам. Прычына ў тым, што рэаніматолагі баяцца перагрузкі не новай ужо энергасеткі.
Нагадаем, у Расіі былі закупленыя для абласной бальніцы дзве ўстаноўкі “Пелікан” коштам каля 4 з паловай тысяч еўра кожная.
Новая ўстаноўка “Пелікан”.
Адзін з пацярпелых у Пінску ляжыць на старэйшай мадэлі, якая называецца “Сатурн”. Ён ужо можа есці праз трубачку, уведзеную у рот. Самастойна дыхае пакуль эпізадычна па некалькі хвілінаў.