У Брэсце аднавілі рэгістрацыю апазіцыйнага прэтэндэнта ў дэпутаты
Гарадскі выбаркам не зарэгістраваў Генадзя Ігумнава, бо той не задэклараваў прададзенае лецішча.
Лецішча было прададзенае некалькі гадоў таму. Аднак новы гаспадар памёр, не перааформіўшы на сябе дакументы. Таму фармальна лецішча лічылася за Ігумнавым.
Брэсцкая абласная выбарчая камісія 25 лютага адмяніла рашэнне гарадскога выбаркаму адносна апазіцыянера. Генадзь Ігумнаў — актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”.
Пра яго рэгістрацыю Еўрарадыё распавёў каардынатар сацыял-дэмакратаў на выбарах Ігар Маслоўскі:
Маслоўскі: "На ім лічыліся зямельны надзел і лецішча ў Маларыцкім раёне. Мы напісалі скаргу ў вышэйстаячую камісію і прадаставілі дамову аб куплі-продажу. Ёй ужо некалькі гадоў. Гаспадар не перарэгістраваў маёмасць і памёр. Але ёсць бліжэйшыя родзічы, якія ёю карыстаюцца. Мы радыя, што справядлівасць узяла верх".
Цяпер Ігумнаў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты гарсавета.
Фота — odsgomel.org