У Брэсце эвакуявалі 105 чалавек з цэнтру моладзевай творчасці
Здарэнне адбылося увечары 5 лістапада.
Як паведамляе прэс-служба Брэсцкай абласной міліцыі, каля 18.00 з установы дадатковага навучання паступіла паведамленне аб задушлівым паху. Ратавальнікі пры дапамозе газааналізатараў не выявілі ў паветры ўгарных і гаручых газаў. Паводле папярэдняй версіі, невядомы ў прыбіральні цокальнага паверху распыліў пярцовы газ з балончыку. Супрацоўнікі міліцыі і МНС праводзілі эвакуацыю 105 чалавек, 90 з іх — дзеці.
Нагадаем, што за дзень да гэтага ў Брэсце хуліганы пырснулі газам у аўтобус з пасажырамі. Па словах відавочцаў, "газавую атаку" учыніла кампанія з чатырох маладых людзей, якія выйшлі на прыпынку.