У Брэсце гарадскі аўтобус насмерць задавіў дзіцёнка (фота)
Смяротны наезд на дзіця адбыўся на скрыжаванні вуліц 28-га ліпеня і Луцкай.
Там пад колы аўтобуса №18 на пешаходным пераходзе трапіў школьнік. Вядома, што ён перасякаў праезную частку ва ўстаноўленым месцы, але на ровары. У выніку ДТЗ 8-гадовы хлопчык загінуў на месцы.
Паведамляецца, што дзіця вучылася ў другім класе школы, якая знаходзіцца недалёка ад месца аварыі. “Аператыўна прыбыла машына хуткай дапамогі, - паведаміла Наталля Сахарчук, начальнік прэс-службы ДАІ Брэсцкай вобласці. - Лекары праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы, аднак выратаваць хлопчыка не ўдалося. Ён памёр у рэанімабілі. На месцы аварыі працягваюць працу інспектары, супрацоўнікі СК”.

Кіроўца аўтобуса сцвярджае, што пры павароце нікога на пераходзе не было і ён на невялікай хуткасці пачаў паварочваць, а потым адчуў моцны ўдар, паведамляе "Віртуальны Брэст". Відавочцы падцвярджаюць словы кіроўцы.