У Брэсце грузавік насмерць задавіў дзевяцігадовага веласіпедыста
Трагедыя адбылася 6 кастрычніка ў 18.55 на выездзе з бульвара Шаўчэнкі па вуліцы Набярэжнай.
Паводле папярэдняй версіі, 39-гадовы жыхар Брэста, кіруючы грузавіком, не саступіў дарогу веласіпедысту 2005 нараджэння, вучню 4-га класа адной са школ горада. Хлопчык перасякаў вуліцу на веласіпедзе на нерэгуляваным пешаходным пераходзе. У выніку здарэння школьнік атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні і памёр па дарозе ў бальніцу.
Ці была магчымасць у кіроўцы гружанай пяском машыны пазбегнуць наезду на дзіця, будзе ўстаноўлена падчас следчых дзеянняў. Узятая на даследаванне кроў у кіроўцы паказала, што на момант аварыі мужчына быў цвярозы, інфармуе БелТА.