У Брэсце міліцыянты за 3 гадзіны "дапрацавалі" справу апазіцыянера
На трое сутак арышту сёння асуджаны судом Ленінскага раёну Брэста (суддзя — Андрэй Васілюк) Віктар Чайкоўскі, давераная асоба экс-кандыдата Мікалая Статкевіча. Спачатку суддзя аддаў пратаколы міліцыянтам на "дапрацоўку". На гэта ім хапіла 3 гадзіны. З матэрыялаў суду зніклі ўлёткі каманды Някляева, якія быццам бы расклейваў Чайкоўскі. Міліцыя не змагла знайсці і прывезці ў суд сведку, на якога Чайкоўскі, нібыта, нецэнзурна лаяўся. Не задаволіў суд і хадайніцтва спадара Чайкоўскага паклікаць сведкаў, якія бачылі, што ён пайшоў у процілеглы бок і не быў там, дзе, як сцвярджаюць міліцыянты, учыніў "дэбош".