У Брэсце прайшоў тыдзень франка-нямецкага кіно

Дзякуючы сумесным высілкам амбасады Францыі ў Мінску і мінскага Інстытута імя Гётэ ў Брэсце прайшоў тыдзень франка-нямецкага кіно. У самым вялікім кінатэатры горада, “Беларусі”, паказалі поўнаметражны мультфільм “Сусветны патоп” Жака-Рэмі Жырэра, прыгодніцкі гульнявы фільм “Востраў Блэка Мора” Жана-Франсуа Лагіёні, “Кірыку і дзікія звяры” рэжысёра з забаўным прозвішчам Мішэль Ацэлот.
Французскія фільмы паказвалі ў арыгінале з англійскімі субцітрамі. Інстытут імя Гётэ прыслаў прыгодніцкі фільм “Бібі – маленькая чараўніца” Герміны Гунтгэбурх і “Сонечную алею” Леандры Хаўсман, фільм-рэканструкцыю пра моладзь часоў Берлінскай сцяны.

Як распавёў Еўрарадыё галоўны адміністратар кінатэатра Аляксей Купракоў, на фільмы ў асноўным ішлі школьнікі, якія вывучаюць замежныя мовы.

“На фільмы ішлі школьнікі, у асноўным, хто вывучае французскую мову. Іх усё менш становіцца ў нас. Летась былі толькі французскія фільмы  і – поўныя залы. Мой сябра вучыцца ў Парыжы, неяк даведаўся, прыйшоў. Многа педагогаў прыходзіць, хто вучыўся ў Мінскім лінгвістычным, кажуць, што ім у Брэсце не хапае культурнага жыцця”.