У Брэсце праз сеціва можна купіць рэальную сустрэчу з чалавекам

Пра незвычайную форму падтрымкі людзей у бядзе паведаміла "Брестская газета". Праект называецца "Купі сустрэчу з чалавекам".

Яго праз партал  "Вконтакте" рэалізуюць некалькі энтузіястаў. Удзельнікі могуць за невялікую суму купіць праз сеціва рэальную сустрэчу з хлопцам або дзяўчынай з банка дадзеных. Грошы ідуць на карысць дзіцячых дамоў і інвалідаў.

Прыняць удзел у якасці аўкцыённага лота можа кожны. Досыць толькі адправіць арганізатарам запоўненую заяўку. Калі ўдзел пацверджаны, кандыдатуру выстаўляюць на гандаль.

Грамадзянская ініцыятыва працуе ўжо больш за год. Цяпер ідзе чацвёртая акцыя. Ужо назбіралі каля трохсот тысяч рублёў Сяргею Сахаруку, які моцна пацярпеў на мантажы электрычнай лініі.