У Брэсце са спазненнем апублікавалі спіс месцаў, забароненых для пікетаў

6 лютага на сайце афіцыйнай газеты гарвыканкаму "Брестский вестник" з'явілася рашэнне "Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў".



Са словаў старшыні Брэсцкай абласной філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Маслоўскага, кіраўніцтва гораду парушыла выбарчае заканадаўства: такія спісы мусяць публікавацца да пачатку кампаніі. Збор жа подпісаў за вылучэнне кандыдатаў ідзе ад 12 студзеня.



Маслоўскі: "Мы бачым, што рашэнне прынятае 30 студзеня, а надрукавана 6 лютага, калі да сканчэння збора подпісаў застаецца 4 дні! Тут нават і дзеці зразумеюць, што ні логікі, ні юрыдычнага сэнсу ў гэтым рашэнні няма".



На думку Маслоўскага, з юрыдычнага пункту гледжання гэты прэцэдэнт ставіць пад сумнеў самі сёлетнія выбары ў Брэсце па ўсіх 11 акругах.



Дарэчы, пералік забароненых месцаў фактычна нічым не розніцца ад рашэння 2010 году перад папярэднімі выбарамі ў мясцовыя Саветы.