У Брэсце сканфіскавалі бел-чырвона-белы сцяг “за неэстэтычнае дрэўка”

Дзень Волі ў Брэсце прайшоў амаль без "стратаў" для сяброў дэмакратычнага руху. Калі не лічыць, што “тармазнулі” па дарозе ў Мінск тэлефанаваннем з ваенкамата трох маладых людзей — маўляў, трэба з’явіцца.  А вось на архітэктара Ірыну Лаўроўскую склалі пратакол, аформлены як “здарэнне” — зрання 25 сакавіка яна вывесіла з балкона на цэнтральную вуліцу горада вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Ён быў сканфіскаваны “за неэстэтычнае дрэўка”, якім была тэлескапічная вуда.



На пляцы Волі ўсклалі кветкі да мемарыяльнага каменя прадстаўнікі левых сілаў, якія потым ладзілі круглы стол “БНР і сучаснасць” у сваім офісе, за які могуць пакуль сплачваць больш за мільён рублёў у месяц. Жаліліся, што на пляцы Волі ўладу прадстаўлялі толькі супрацоўнікі МУС.







На Балахоўскія могілкі і да помніка партызану БНР Адаму Трыпусу таксама леглі кветкі. А ў грэка-каталіцкай царкве апостальскі візітатар архімандрыт Сяргей Гаек адправіў імшу за Дабравешчанне і за Беларусь.