У Брэсце вывесілі траўманебяспечны білборд "Белдзяржстраху" (фота)

Білборд стаіць у цэнтры горада — на Варшаўскай шашы пры перасячэнні з вуліцай Махновіча. На ім — рэкламны слоган “Час страхавацца!”.



Прапанова выглядае вельмі настойлівай, бо білборд цяжка аб’ехаць. Ён быў усталяваны яшчэ да таго, як у новы мікрараён прабілі вуліцу. Цяпер рэклама навісае якраз над пешаходна-роварнай сцежкай. Паколькі сцежка зробленая з падсыпкай, ніжні край білборда апынуўся ў дасягальнасці галавы высокага пешахода або раварыста.



Пра тое, што сутыкненні ўжо былі, гаворыць досыць пабіты выгляд ніжняй часткі білборда і чырвоная анучка, прывязаная на ім. Яна не адбівае святло, і відавочна, што ноччу білборд для раварыстаў смяротна небяспечны.



У мясцовым прадстаўніцтве "Белдзяржстраху" кажуць, што страхавых выпадкаў яшчэ не было.



Супрацоўніца "Белдзяржстраху": "Упершыню чую. Сама жыву на Варшаўскай шашы і хаджу там, але не закранала. Гэта білборд іншай фірмы, і мы выключна арандуем яго, — вывешваем сваё вінілавае палатно. Я думаю, што горад не дазволіў бы (пагатоў што гэта цэнтр горада) выкарыстоўваць білборд з няправільнай вышынёй".